“Не праклінай, што я люблю” Н.Гілевіч (16+)

Паэтычны монаспектакль паводле  рамана ў вершах “Родныя дзеці” Ніла Гілевіча

 

Выканаўца – Мікалай Лявончык

Аўтар інсцэніроўкі, рэжысёр-пастаноўшчык – Галіна Дзягілева

Музычнае суправаджэнне (цымбалы) – Дар’я Неўмяржыцкая

 

Паэтычны монаспектакль “Не праклінай, што я люблю” створаны паводле аднаго з самых лірычных і па-філасофску заглыбленых твораў народнага паэта Беларусі Ніла Сымонавіча Гілевіча (1931 – 2016) – рамана ў вершах “Родныя  дзеці”, якому паэт аддаў дваццаць гадоў натхнёнай і рупнай працы.

Спектакль, як і сам твор, прасякнуты пачуццём вялікай любові да роднай зямлі і адказнасці за яе будучыню, шчымлівай “музыкай” высокага і трагічнага кахання да жанчыны. Даследчык беларускага фальклору, быту, тонкі знаўца жывой народнай гаворкі, Ніл Гілевіч стварае своеасаблівую паэтычную “сюіту”, дзе гарманічна знітоўваюцца жартоўныя, гумарыстычныя “ноты” і чуюцца напевы роднай зямлі, жытнёвага поля, “дзе ціша долы спавіла”.

“Родныя дзеці” – твор сучасны, вельмі актуальны. Яго героі ставяць сабе, свайму жыццю зусім няпростыя пытанні. На некаторыя з іх прыйдзецца адказваць усім нам, “родным дзецям” беларускай зямлі.

Святлана Сергіеўская


Прэм’ера адбылася ў 1997 г. Спектакль ідзе 1 гадзіну.