Драматычны монаспектакль паводле Н.Раппа
Пераклад – Святлана Клімковіч
Пастаноўка – Віргінія Тарнаўскайтэ
Выканаўца – Галіна Дзягілева
У аснову спектакля пакладзены гістарычныя падзеі, што адбываліся на абшарах старажытных княстваў – Полацкага ды Кіеўскага, у Х ст. У той час паміж Полацкам ды Кіевам ішло змаганне за ўплыў на ўсходне-эўрапейскіх землях.
У сталіцы крывічоў, Полацку, княжыў Рагвалод, у Ноўгародзе – Уладзімір (потым – Уладзімір “Чырвонае сонейка”, князь кіеўскі). Уладзімір шукаў пагаднення і сваяцтва з князем полацкім, прагнучы ўлады на аб’яднаных землях. Але Рагвалод не згаджаўся губляць самастойнасць.
Стары летапіс распавядае пра тое, як князёўна Рагнеда, прыгажуня, дачка Рагвалода, адмовіла Ўладзіміру ўзяць з ім шлюб. Войска Ўладзіміра зруйнавала Полацк, былі забітыя бацькі Рагнеды, а саму князёўну Ўладзімір гвалтоўна зрабіў жонкаю. Рагнеда стала адною з мноства жонак князевых, нарадзіла славутых дзяцей, сярод якіх Яраслаў Мудры і Ізяслаў, якому мы абавязаны назваю горада Заслаўя, што пад Менскам.
Рагнеда ды Рагвалод не адзіныя велічныя постаці ў нашай нацыянальнай гісторыі. Але перарвалася сувязь часоў, і – сённяшнія беларусы – ці шмат мы ведаем пра сябе і сваю даўніну?
Таццяна Ратабыльская
кандыдат мастацтвазнаўства
Прэм’ера адбылася 9 снежня 1989 г. Спектакль ідзе 1 гадзіну.