“Адзінокі птах” А.Залётнеў (16+)

Першая нацыянальная монаопера аб жыцці і смерці Адама Міцкевіча паводле твораў А. Міцкевіча, Я. Чачота і Р. Барадуліна

 

Аўтар лібрэта, рэжысёр-пастаноўшчык – Галіна Дзягілева

Выканаўца Андрэй Марозаў (барытон)

Сцэнограф – народны мастак Беларусі Барыс Герлаван

Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь

Дырыжор, музычны кіраўнік пастаноўкі – Пётр Вандзілоўскі

Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь

Мастацкі кіраўнік – Наталля Міхайлава

Салістка – Таццяна Вайтовіч (сапрана)

Малітва хлопчыка – Вячаслаў Шчыпіцын

Голас ад аўтара – Алег Залётнеў

 

Опера “Адзінокі птах” А. Залётнева, прысвечаная жыццю і творчасці славутага класіка сусветнай літаратуры Адама Міцкевіча, належыць да найбольш значных твораў беларускіх кампазітараў апошняга перыяду. Складаная, сцэнічна-арыгінальная задача аўтараў оперы – прадставіць творчасць паэта скрозь прызму яго суб’ектыўных хваляванняў апошняга дня жыцця – вырашана па мастацку пераканаўча, эстэтычна шматпланава.

У прафесійна састаўленым і глыбока прадуманым лібрэта па сутнасці прадстаўлены ўсе асноўныя жанрава-вобразныя напрамкі творчасці А. Міцкевіча, звязаныя з айчыннай гісторыяй, рамантычнай лірыкай, народна-побытавымі, гумарыстычнымі і сацыяльна-сатырычнымі замалёўкамі. Гэта абумоўлівае шырокі дыяпазон сродкаў музычнай выразнасці, які ўключае ў сябе моманты тонкай выяўленчасці, разнастайнасць тыпаў вакальнага інтаніравання.

Опера “Адзінокі птах” мае не толькі мастацкае, але і гістарычнае значэнне ў беларускай музыцы. Дэтальная, псіхалагічна тонкая распрацоўка цэнтральнага вобраза Паэта дазваляе гаварыць аб фарміраванні ў беларускай музыцы жанра, які прадугледжвае адмову ад традыцыйных оперных штампаў і традыцыйна лічыцца найбольш складаным для рэалізацыі, – жанра монаоперы, які практычна адсутнічаў у нацыянальнай музыцы і які ўжо даўно засвоены сусветнай музычнай практыкай.

Э.А. Алейнікава

кандыдат мастацтвазнаўства

Прэм’ера адбылася 6 чэрвеня 2001 г. Спектакль ідзе 1 гадзіну 10 хвілін.