“Анёл Ахоўнік” C.Кавалёў (6+)

Монаспектакль паводле вершаў-малітваў Кармэн Барнос дэ Гаштольд

 

Выканаўца – Раіса Астрадзінава

Рэжысёр-пастаноўшчык –  Галіна Дзягілева

Музыка – Усевалад Грыцкевіч

Пластыка – Уладзімір Колесаў

Сцэнаграфія – Веніямін Маршак

Касцюм – Таццяна Лісавенка

 

Сапраўдны паэт заўважае ў жыцці дзівосныя з’явы, схаваныя ад іншых людзей за штодзённай мітуснёй і клопатамі. Французская дзіцячая пісьменніца Кармэн Барнос дэ Гаштольд (1919–1995 гг), продкі якой паходзілі з  Вялікага княства Літоўскага, несумненна належыць да такіх паэтаў. Яна была манашкай і мела надзвычайны паэтычны слых, што дазваляў ёй чуць нават “Малітвы жывёлаў”. Менавіта так называецца кніга вершаў-малітваў паэткі, у якой яна расказвае пра самыя шчырыя просьбы розных істот да Бога.

 Вядомы беларускі драматург Сяргей Кавалёў напісаў п’есу “Маленькі Анёлак” для Беларускага паэтычнага тэатра аднаго акцёра “Зніч”,  у аснову якой ён паклаў  кнігу вершаў “Малітвы жывёлаў” Кармэн Барнос дэ Гаштольд, а мастацкі кіраўнік тэатра Галіна Дзягілева паставіла па п’есе аднаіменны монаспектакль.

А вы ніколі не задумваліся, хто ж  перадае просьбы жывёлаў да Усявышняга?.. Іх даносяць  анёлкі – лёгкія незямныя істоты з крылцамі. Адзін з такіх анёлкаў  стаўся галоўным героем п’есы і  монаспектакля.

У спектаклі гучаць малітвы Жаўрука, Пеўня, Сабакі, Парсюка, Мышы, Блыхі, Жырафы, Папугая, Малпы, Жабы, Чарапахі і Марской зоркі. Цудоўным чынам вобраз кожнай з гэтых істот “ажыўляе” музыка кампазітара Усевалада Грыцкевіча, якую ён напісаў спецыяльна для спектакля.

Глядзіце і слухайце, дарагія гледачы, “Анёла Ахоўніка”, – хто яго пабачыць, абавязкова пачне лепш разумець “братоў нашых меншых”…