Галіна Дзягілева

Галіна Дзягілева

Галіна Дзягілева

Галіна Аляксееўна Дзягілева – актрыса, рэжысёр, заснавальнік, дырэктар – мастацкі кіраўнік Тэатра “Зніч”. У 1968 г. Г.А. Дзягілева скончыла Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (курс В. Рэдліх і А. Бутакова). У 1968 – 1985 гг. – актрыса Беларускага дзяржаўнага тэатра імя Я. Коласа. Выканала больш за 50 роляў класічнага і сучаснага рэпертуару, сярод якіх Лада (“Снежныя зімы” І.Шамякіна), Караліна (“Кастусь Каліноўскі” Ул.Караткевіча), Святлана (“Таблетка пад язык” А.Макаёнка), Наташа (“Прыніжаныя і зняважаныя” паводле Ф.Дастаеўскага), Жэнька Камелькова (“А зоры тут ціхія …” паводле Б.Васільева), Элена (“Раба свайго каханага” Л. дэ Вега), Гера (“Шмат шуму з нічога” У.Шэкспіра) і інш.

DSC02280DSC02281 DSC02290DSC02352DSC02315DSC02351  DSC02376 DSC02412

З 1986 г. Галіна Аляксееўна Дзягілева пачала працаваць у г.Мінску ў канцэртна-лекцыйным аддзеле пры Белдзяржфілармоніі. Фактычна ў гэтым аддзеле і пачалася праца па стварэнні новага тэатра. Дзягілева Г.А. – аўтар інсцэніровак, выканаўца і рыжысёр першых монаспектакляў паводле твораў Я.Купалы, Я.Шабана, В.Віткі, А.Вольскага, А.Вярцінскага, Н.Гілевіча і інш. У 1989 г. адбылася прэм’ера драматычнага монаспектакля «Выгнанне ў рай» паводле п’есы Н.Раппы аб трагічным лёсе князёўны Рагнеды, які атрымаў 1-ае месца за жаночую ролю і стаў лаўрэатам Міжнароднага тэатральнага фестывалю «Студыйныя каляды» (г.Мінск). Гэты монаспектакль быў прадстаўлены ў 1990 г. у Сафійскім саборы г.Полацка падчас правядзення ўрачыстасцяў, прысвечаных 500-годдзю з дня нараджэння Ф.Скарыны. Менавіта з «Выгнання ў рай» пачалася дзейнасць «адзінага на Беларусі тэатра, які працуе ў жанры монаспектакля».

DSC02391

У сучасным рэпертуары Тэатра “Зніч” ідзе 19 монаспектакляў, якія грунтуюцца на творах сусветнай і беларускай літаратурнай класікі. Вядучы майстар сцэны Г.А. Дзягілева выконвае монаспектаклі “Выгнанне ў рай” Н.Раппа, “Любіць…” паводле А. Вярцінскага, “Мне сняцца сны аб Беларусі” паводле Я. Купалы, “Пяюць начлежнікі” паводле З. Бядулі, “Абранніца” паводле А. Пушкіна ў перакладзе Р. Барадуліна, “Пачакай, сонца!” паводле Л. Кастэнка і Н. Мацяш, “Мама” паводле Р.Барадуліна і К.Чапэка.

З’яўляецца рэжысёрам-пастаноўшчыкам монаспектакляў “У краіне светлай, дзе я ўміраю…” паводле М. Багдановіча, “Не праклінай, што я люблю…” паводле рамана “Родныя дзеці” Н. Гілевіча, “Прыпадаю да нябёс” паводле Я. Янішчыц, “Красёнцы жыцця” паводле паэмы “Новая зямля” Я.Коласа, “Дзівосныя авантуры паноў Кубліцкага ды Заблоцкага” П.Васючэнкі і С.Кавалёва (аднаўленне пастаноўкі), “Анёл Ахоўнік” С.Кавалёва паводле К.Б. дэ Гаштольд, “Мой Маленькі прынц” паводле А. дэ Сент-Экзюперы ў перакладзе Н.Мацяш, першай нацыянальнай монаоперы “Адзінокі птах” А. Залётнева, “Мама” паводле Р.Барадуліна і К.Чапэка.

Аўтар інсцэніровак да монаспектакляў “Любіць…” паводле А.Вярцінскага, “Мне сняцца сны аб Беларусі” паводле Я. Купалы, “Пяюць начлежнікі” паводле З. Бядулі, “Абранніца” паводле А. Пушкіна ў перакладзе Р. Барадуліна, “Пачакай, сонца!” паводле Л. Кастэнка і Н. Мацяш, “Не праклінай, што я люблю…” паводле рамана “Родныя дзеці” Н. Гілевіча, “Прыпадаю да нябёс” паводле Я. Янішчыц, “Красёнцы жыцця” паводле паэмы “Новая зямля” Я. Коласа, “Мой Маленькі прынц” паводле А. дэ Сент-Экзюперы ў перакладзе Н.Мацяш, аўтар лібрэта паводле твораў А.Міцкевіча, Я. Чачота і Р. Барадуліна да першай нацыянальнай монаоперы “Адзінокі птах” А. Залётнева, “Мама” паводле Р.Барадуліна і К.Чапэка.

Творчыя дасягненні Г.А. Дзягілевай адзначаны ўзнагародамі і дыпломамі лаўрэата міжнародных фестываляў:

  • “Студыйныя каляды” (г. Мінск, Беларусь, 1989) – дыплом І ступені;
  • “В начале было слово…” (г. Пермь, РФ, 1992);
  • “Один и все” (г. Валгаград, РФ, 2004, 2007) – медаль лаўрэата, медаль Расійскага фонду Міру “За миротворческую и благотворительную деятельность”;
  • “Золотой Витязь” (г. Масква, РФ, 2005 – 2008) – спецыяльны дыплом “За бережное сохранение национальных традиций”;
  • “Боспорские агоны” (Крым, г. Сімферопаль, 2007 – 2009) – лаўрэат прэміі Аўтаномнай Рэспублікі Крым, член журы ад Беларусі;
  • “Белая Вежа” (г. Брэст, Беларусь, 2011) – дыплом лаўрэата “За лепшую жаночую ролю”;
  • “МіМоКі” (г. Познань, Польшча, 2009);
  • “Марыя” (г. Кіеў, Украіна, 2006 – 2013) – узнагарода “Залатая Марыя”.

У 2007 Г.Дзягілева узнагароджана знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусі “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”.

У 2012 г. Г.Дзягілева ўзнагароджана  медалём за Працоўную дзейнасць.